Промо
 Подписаться
Поделиться
Рекомендуем

«Паважаю Сяргея Ўладзімеравіча!»

Сьпявачка і акторка Наста Шпакоўская паслухала песьні ўдзельнікаў 16 туру чарту на «Тузіне Гітоў». Упадабала «Жнюв» і Bajsan, параўнала Вайцюшкевіча з Шаўчуком і пашкадавала, што не сябруе зь Міхалком: «Паважаю Сяргея Ўладзімеравіча за пастаянства тэм, якія ўздымаюцца ў творчасьці, за нязьменнасьць курсу апошніх чатырох альбомаў. Інтэлект! Яго не прап’еш, і ў качалцы не пракачаеш».
Скажу адразу, што ніколі не была экспэртам. І спадзяюся, ня буду. Выкажу толькі сваю асабістую думку, думку чалавека, які ў адрозненьні ад большасьці экспэртаў сам непасрэдна займаецца стварэньнем песень.
«Засуха» ад гурта «Жнюв» спадабалася песьня. Яе сэнс і мэлёдыя. Зь медзянымі ў кодзе выйшла бруднавата, але і гэта не папсавала агульнай карціны. Добрая кампазыцыя.
Упадабала і «M.N.S.K.» гурта Bajsan. Блізкая па духу. І не таму, што какаін. Мажліва таму, што Клімаў…
Лідэры туру — «Ляпіс Трубяцкой» зь песьняй «Грай». Паважаю Сяргея Ўладзімеравіча за пастаянства тэм, якія уздымаюцца ў творчасьці, за нязьменнасьць курсу апошніх чатырох альбомаў. Што яшчэ сказаць? Інтэлект! Яго не прап’еш, і ў качалцы не пракачаеш. Шкада… Добры хлопец… Маглі бы сябраваць.
Ня ведаю, што там паляць Re1ikt, але «Тры хвіліны» выйшла нядрэнна. Толькі моцна прыгнятае.
«Красуня-Вясна» песьня добрая. Толькі надта ўжо нагадала «Прекрасную любовь» Шаўчука. А так добрая. Як і сам Вайцюшкевіч. Як і яго творчасьць. Добрае… добрае… добрае… такая прамая кардыёграма.
Ня ўсе разабрала ў хітраспляценьнях мэтафар у песеньцы «Ленін» гурта Neuro Dubel. Хто ў нас болей за ўсіх сыночка любіць — здагадваюся, але каб лісты Ясеніну, — ня ў курсе. А Леніна таго нават з Маўзалея, кажуць, вынесьлі…
ЛСД захоўваецца ў крыві 8 гадоў, а ў костках — 10 гадоў. Песьня пра ЛСД і Фрэда ад «Голай Манашкі» не затрымліваецца ўвогуле. Гэта добра.
Уцяміла сэнс песьні «Дзесьці» «J:морс». Да гэтага часу не выходзіла. Штосьці з музыкай здарылася… Ці то Вітаса наслухаліся… не разумею. Або словаў, або музыкі не разумею. Ня мой гэта гурт, хоць і вельмі прафэсійны.
Песьня «Будзь сабой» :B:N: вельмі нагадвае школьныя гады, калі ў разнастайных альбомах-анкетах закадычныя сябры пакідалі свае пажаданьні. Там і пра «будзь сабой» і пра «заставайся такой, якая ёсьць» і пра «чалавека зь вялікай літары» там таксама было. Тады падабалася — цяпер сьмешна.
Нічым не зачапіла «Песьня праклёнства» Green Pills. Няма чаго і напісаць. Адчуваецца, што хлопцы рабілі высілкі… але не для мяне.
Успрымаю песьню «Масьленіца» дуэту Аляксандра і Канстанцін як гімн нашай Радзіме. Як оду бесклапотнасьці і дабрабыту, як музыку, якая ні да чаго не абавязвае ад людзей, якія нікому нічога не абавязаны. Гэткая полька-трасуха, танцы-на-палянцы, блінцы-масьленіцы… Зусім не мая музыка.
Заўсёды весяляць песьні такога кшталту, як у Вожыка і Lil Boo. Уздымаюць настрой. Дзяўчаты падпяваюць па-заліхвацку. Толькі ў нас так могуць. Уяўляю сябе як дзе-небудзь у Гарлеме афра-амэрыканцы на свой лад развучваюць рэпэртуар Ярмоленкі. Гэтаксама весела атрымалася б.
Наста Шпакоўская, для «Тузіна Гітоў»
Экспэрт ТГ нарадзілася 28 верасьня 1979 году ў Менску. Вучылася ў музычным коледжы пры кансэрваторыі. Скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (2002). З 1999 году — акторка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру. У 2009 годзе зьнялася ў кінастужцы «Дасьціш фантастыш». У 2004 годзе заснавала гурт Naka. Была адзначаная спэцпрызам «Рок-князёўна» на цырымоніі «Рок-Каранацыя-2009».
Крынiца: http://music.fromby.net/article/2526/

10 мая 2011 в 18:42 565